Уваход у хату
Пры ўваходзе ў хату нас сустракае печ. Яна займала ў сялянскай хаце важнае і пачэснае месца. Унутры печ мела под, на якім палілі дровы і гатавалі страву. Закрывалася печ засланкай. Верхняя частка печы – ляжак – служыла месцам адпачынку, яшчэ там сушылі адзенне, зерне, ягады, травы.
Печ – гэта цеплыня, здароўе застуджанаму. Печ – гэта і гарачая, смачная ежа. Па народных павер’ях печ была ахоўніцай дабрабыту.
Абагравала хату, у ёй варылі ежу, на ёй спалі, адпачывалі, лячыліся.
Да печы адносіліся як да жывой істоты. Забаранялася ўжываць “у яе прысутнасці” грубыя, або непрыстойныя словы. “Няможна гэта казаць, бо печ у хаце”, “Сказаў бы, дык печ пачуе”, – так гаварылі нашы дзяды і прадзеды.
У Беларусі печы былі вялікія, з камінкамі і палкамі. На камінок клалі мыла, запалкі і лучыну, а на палку спалі дзеці, праводзілі свой вольны час там, калі было холадна. На камінкі і пячуркі яшчэ ставілі лямпы, ліхтары, збанкі, глякі. Бялілі печ і сачылі, каб яна заўсёды была белая, чыстая.
Каля печы знаходзіўся качарэжнік.
Тут стаяў пячны інвентар: качарга, вілы, чапяла і абавязкова хлебная лапата. Лапата займала асобнае месца сярод хатніх рэчаў. Магчыма таму, што яна мела дачыненне да хлеба. Ёй надавалі ахоўную якасць: у час навальніцы, каб зберагчы свае будынкі ад маланкі, хлебную лапату выстаўлялі на двор.
Дзе печ, там і тое, што з печы, гарачая і смачная ежа. І ў першую чаргу – хлеб. Хлеб выпякалі жытні, вельмі духмяны. Пшанічны ў нас гатавалі радзей. Беларусы любяць чорны хлеб і сумуюць па ім, калі трапляюць туды, дзе яго няма. Хлеб дае сілы чалавеку для працы, жыцця. З даўніх часоў нашы продкі самі выпякалі хлеб. Выкінуць хлеб – смяротны грэх. Калі ён выпадкова выпаў з рук, то трэба падняць лустачку, пацалаваць і сказаць: “Даруй, Божухна”.
Качарга - гэта кароткі тоўсты жалезны прут з загнутым канцом, які служыў для размешвання вуглёў у печы і сграбання жару.
З дапамогай вілак (ухватаў) перасоўвалі гаршкі і чыгункі ў печы, іх таксама можна было зняць i ўсталяваць у печ. Ён уяўляе сабой металічную дужку, умацаваную на доўгай драўлянай ручкі. Перад пасадкай хлябоў у печ под печы чысцілі ад вугалю і попелу, падмятаючы яго мятлой.
Вілы (ухват)
Лапата, якой садзілі хлеб у печ. Рабілі яе з дошкі звычайна лісцевых парод дрэва. Каб цеста лягчэй ссоўвалася на чарэнь, краі лапаты рабілі танчэйшымі. Перад тым, як саджаць цеста ў печ, гаспадыня пакрывала лапату хрэнавым, кляновым ці дубовым лісцем, аерам і пасыпала зверху мукой. Захоўвалі хлебную лапату ў варыўні або ў каморы. Драўляныя лапаты рабілі для падгортвання бульбы ў буртах і для перамешвання збожжа на таку.
Драўляная лапата
Сялянскую хату нельга ўявіць без дзіцячай калыскі. У хаце калыску ставілі бліжэй да печы, так, каб дзіця ляжала галавой да парога. Катэгарычна забаранялася, каб на калыску трапляла месяцавае святло.
Калыска, люлька – дзіцячы ложак, дзе калыхалі дзяцей, даўні від народнай мэблі. Зроблена з дошак і падвешана на чатырок вяроўках да столі.
Рабіў яе звычайна з дошак бацька, каб дзеці яго слухаліся. Імкнуліся, каб усе дзеці ў сям’і выраслі у адной калысцы, бо тады яны будуць расці дружнымі, дапамагаць адзін аднаму. Пустую калыску забаранялася калыхаць, каб дзіця не захварэла. Праз яе нічога не перадавалі, бо дзіця тады вырасце злодзеем. Калі дзіця падрастала – рабілі хадунок.
Хадунок, прыстасаванне, пры дапамозе якога дзеці вучыліся хадзіць. Уяўляе сабой шост, які свабодна ўстаўляўся ў адтуліны ў бэльцы і падлозе. Да яго прымацоўвалі другі шост з абручом на канцы, куды ставілі дзіця, якое хадзіла па крузе.