У нашым этнаграфічным музеі можна пазнаёміцца і з некаторымі беларускімі промысламі. Адным з самых распаўсюджаных промыслаў было ганчарства. Ганчарства вядома ў Беларусі яшчэ з часоў неаліту. Сама назва рамяства паходзіць ад слова “горн” (“гаран”, “гарно”), абазначае “печ для абпальвання”. Гліняны посуд выраблялі ганчары. Першапачаткова гліняныя вырабы ляпілі ўручную без тэрмічнай апрацоўкі. Паступова асноўным кампанентам фармовачнай масы стала гліна, у якую для павелічэння трываласці дабаўлялі сухую траву, лубяныя валокны, таўчоныя ракавіны, пясок. Як самастойнае рамяство ганчарства існуе ў Беларусі з X ст., калi з'явіліся першыя ганчарныя кругі.Яны маглі быць нажнымі або ручнымі. У руках народнага ўмельцы на ганчарным крузе з простага куска гліны ўзніклі розныя прадметы – гаршкі, збаны, блюды. Гліняныя цацкі, фігуркі і свістулькі ляпіліся ўручную. Затым усе вырабы сушылі некалькі дзён, абпальвалі ў ганчарных горнах, радзей – у простых дамашніх печах.
Усе ганчарныя вырабы вельмі жывыя, ад іх вее цяплом рук іх стваральніка, хоць і сама гліна – гэта жывы матэрыял. Калі ты ясі і п’еш з посуду, якая зроблена з натуральнага матэрыялу, то здаецца, што яда і піццё смачней, а збаны, якія адслужылі ў гаспадарцы свой век, усё яшчэ захоўваюць пах цёплага малака.
У музеі прадстаўлены гліняны посуд. Ён і сёння карыстаецца попытам. Прыгожа глядзіцца ён і на кухоннай паліцы, і на абедзенным стале. А ў нашых прашчураў гліняныя вырабы былі на любы густ і для розных патрэб.
Гэта – збанок. Пасудзіна добра вядомая. У ім звычайна трымалі малако: доўга не скісае, а ў гарачыню – халоднае. Рабілі збаны з выцягнутым тулавам, пукатымі бакамі, звужаным горлам, вушкам – ручкай, мае носік-дзюбку, каб тое ж малако лёгка, роўным струменчыкам лілося ў міску ці ў кубак.
Збаны
Збан
Збаны, глякі і гарлачы - у іх было вельмі зручна захоўваць малако, ваду, бярозавік, алей. Гарлачык – старэйшы за збан. Яны падобныя, як браты, толькі гарлачык без ручкі і не мае носіка-дзюбкі зверху.
Гарлачыкі
Гарлачык
Ваду налівалі у глякі. У іх вузкія гарлавіны, вада не вылівалася і заўсёды была студзёнай.
Глякі
Гаршок